Блакітны факел запаліўся на Жыткаўшчыне
Яшчэ ў адзін населены пункт гомельскага Палесся пададзены прыродны газ. 19 кастрычніка 2018 года ў аграгарадку Кольна Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці на ўрачыстай цырымоніі быў запалены сімвалічны газавы факел.

У мерапрыемствах з нагоды пуску прыроднага газу ўдзельнічалі старшыня Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Атліванаў, генеральны дырэктар РВУП "Гомельаблгаз" Анатоль Фейгін, яго намеснік Васіль Завугольны, дырэктар ВУ "Жыткавічыгаз" Іван Купрацэвіч, дырэктар ААТ "Жыткавіцкі ТБЗ" Віктар Купрацэвіч, дырэктар СПМК-4, г. Гродна Ігар Піцко і іншыя.

Ва ўрачыстай абстаноўцы старшынёй Жыткавіцкага райвыканкама і генеральным дырэктарам РВУП "Гомельаблгаз" была падкрэслена важнасць гэтай падзеі, бо газіфікацыя аграгарадка Кольна дазволіць забяспечыць камфортныя ўмовы жыцця вяскоўцаў і палепшыць іх побыт.
Нагадаем, газаправод ад Жыткавічаў да аграгарадка пачалі будаваць у чэрвені бягучага года, а закончылі ў верасні. Праектныя работы выконваліся дзяржаўным прадпрыемствам "НДІ Белгіпрапалівагаз", а будаўніцтва газаправода ажыццяўлялася генпадраднай арганізацыяй ААТ "СПМК-4", г.Гродна. Затрачана на ажыццяўленне названага праекту 1 мільён 316 тысяч рублёў. Газаправод высокага ціску працягласцю 6,7 кіламетраў быў пабудаваны ў рамках Дзяржаўнай праграмы "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе" на 2016-2020 гг. Агульная працягласць пабудаванага газаправода складае 7,8 кіламетра. Акрамя таго, для бесперабойнай падачы блакінага паліва ўзвялі ГРП.
Пакуль на прыродны газ у Кольна пераведзены толькі шматкватэрныя дамы. З задачай бездакорна справіліся работнікі ВУ “Жыткавічыгаз”. Цяпер дзякуючы іх прафесіяналізму і іншыя гаспадары могуць падвесці да ўласных сядзіб неабходныя камунікацыі, каб карыстацца ў быту такім палівам. Гэта, па меркаванні спецыялістаў, не толькі больш экалагічна, але і намнога зручней.
Працаўнікамі ВУ "Жыткавічыгаз" РВУП "Гомельаблгаз" пераведзена са звадкаванага на прыродны газ 110 кватэр. У перспектыве маецца магчымасць падключэння да сетак прыроднага газу зернесушыльнага комплексу, кацельні, індывідуальных жылых дамоў.
Афіцыйная частка ўрачыстага мерапрыемства змянілася невялічкім канцэртам, які падрыхтавалі для прысутных артысты аддзела культуры.
Падрыхтавана РВУП “Гомельаблгаз”


